Я – маленькая кропля з крыніцаў святых,
Што ваду жыватворчую маюць,
І зярнятка з мільёнаў зярняткаў жывых,
Што багацце Радзімы складаюць.
І, напэўна я тут не зраблю адкрыцця,
Я – звяно неўміручага роду,
Што на ніве бясконцага поля жыцця
Беларускім завецца народам.
З праўдай Божаю ставіцца Вера мая
Да людзей. Без хлусні і прымусу –
Гонар маю лічыцца часцінкаю я
Асвячонай зямлі беларусаў!