Бачыш? – Сонца ўстае, асвятляе твой дом.
Чуеш? – Поўняцца спевам крыніцы.
Прачынайся, мой дружа! – Ты гэтым святлом
Удастоены ў свеце з’явіцца.
Калі любіш жыццё і не плачаш аб тым,
Што не маеш бясконцага веку,
Шчасце зведаў і боль. – Гэта значыць, што ты
Удастоены быць Чалавекам.
Калі любы табе гэты край наш святы,
Дзе пад шатамі ніў светла-русых
Спачывае блакіт, – Будзь удзячны, бо ты
Удастоены быць Беларусам.